Як выдаць кнігу?

Мы працуем на рынку выдавецкіх паслуг ужо каля 35 год, з’яўляючыся першым прыватным выдаветвам у Беларусі. Мы выдаем навуковую, навукова-папулярную літаратуру, мастацкую літаратуру для дзяцей і дарослых, родавыя і юбілейныя кнігі, штогод выпускаючы па некалькі дзясяткаў найменняў.

Якім жа чынам можна прапанаваць кнігу нам для выдання?

 

ІДЭЯ КНІГІ

Найперш сфармулюйце, якім чынам вы ўяўляеце сабе будучую кнігу. Чым больш вы зможаце пра яе расказаць, тым лепей. Нас цікавяць асноўныя характарыстыкі: фармат, аб’ём, матэрыял вокладкі, папера, колернасць друку, наклад выдання. Таксама важна ведаць, ці патрэбныя кнізе ілюстрацыі (па тэксце або асобным блокам) і ці яны ў вас маюцца, ці ёсць на прыкмеце мастак, ілюстрацыі якога вы хацелі б бачыць у кнізе. Калі кніга перакладная, таксама істотнае значэнне мае наяўнасць дамоўленасцяў ці хаця б кантакту з праваўладальнікамі. Калі выданне юбілейнае, можна загадзя акрэсліць, ці патрэбныя паслугі фатографа, ці гатовыя тэксты для кнігі, ці іх патрэбна яшчэ напісаць.

Калі вы маеце толькі рукапіс, але не маеце канцэпцыі выдання — гэта таксама не бяда. Вы можаце даслаць нам рукапіс, а мы параім вам, у якім выглядзе лепш яго выдаць.

ЯК ПАДРЫХТАВАЦЬ РУКАПІС І МАТЭРЫЯЛЫ ДЛЯ КНІГІ? КУДЫ ІХ ДАСЫЛАЦЬ?

Найлепей дасылаць рукапісы на пошту выдавецтва ў электронным выглядзе ў фармаце *.doc, *.docx. Калі вы раптам маеце гатовы макет, найлепей мець яго ў фармаце, прыдатным да рэдагавання (*.indd, *.idml), або быць гатовым уносіць у яго неабходныя змены ў працэсе падрыхтоўкі макета да друку.

Калі вы дасылаеце рукапіс у фармаце *.doc ці *.docx, мы просім вас выбіраць наступныя характарыстыкі:

Параметры афармлення тэксту:
• гарнітура – Times New Roman або Arial;
• кегель – 14 пт.;
• колер – чорны;
• адлегласць паміж радкамі – 1,5;
• палі – 3 см;
• ёсць водступы першага радка (абзацы);
• няма абзацаў, напісаных толькі вялікімі літарамі.

Пранумаруйце ўсе старонкі ўнізе справа.
Калі рукапіс складаецца з некалькіх частак, пачынайце кожную з новай старонкі.

Калі ў вашай кнізе павінны быць ілюстрацыі, перадайце іх у выдавецтва ў раздрукаваным і электронным выглядзе ў фарматах *.jpg, *.tif, *.png, *.psd, *.cdr. Прыдатная для друку якасць – не менш за 300 dpi, выявы з меншым раздзяленнем не заўсёды можна ўлучыць у кнігу. Фотаздымкі лепш прынесці для сканавання ў выдавецтва, каб спецыяліст адсканаваў іх з патрэбнымі параметрамі.

Рукапіс ці макет дасылайце на нашую пошту technalohija@gmail.com, у тэме ліста пазначыўшы “Выданне кнігі” з назвай і імём аўтара.

У целе ліста просім паўтарыць звесткі пра канцэпцыю кнігі, яе тэхнічныя характарыстыкі, а таксама назву кнігі і імя аўтара.

ЯК РАЗГЛЯДАЮЦЦА РУКАПІСЫ?

Як толькі мы атрымаем ваш рукапіс, мы дашлем яго на прагляд у выдавецкі аддзел, дзе нашыя спецыялісты ўважліва прачытаюць тэкст і выкажуць сваё меркаванне пра яго. Калі вам будзе неабходная дапамога з паляпшэннем якасці тэксту, размяшчэннем у ім ілюстрацый, мы з радасцю падбярэм для вас найлепшых спецыялістаў, якія зробяць працу старанна і так хутка, як толькі магчыма.

Калі мы акрэслім аб’ём неабходных прац для падрыхтоўкі кнігі да выдання, мы зможам разлічыць, колькі гэтыя працы будуць каштаваць. У гэты момант мы паведамім вам, ці гатовае выдавецтва ўзяць на сябе выдаткі на друк або рэдакыйна-выдавецкую падрыхтоўку кнігі, і калі так, то ў якім аб’ёме. Кожны выпадак разглядаецца асобна, і хоць на цяперашні момант мы маем значна менш магчымасцяў для падтрымкі выдання кніг, сапраўды выбітныя і значныя праекты мы намагаемся ўсё ж падтрымаць.

ЗАКЛЮЧНЫ ЭТАП

Калі вызначаныя ўсе кошты і тэрміны, падабраныя спецыялісты, складзеныя дамовы, мы пачынаем працу над кнігай. Пасля выдання мы робім абавязковую рассылку кнігі па шэрагу ўстаноў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, а тады перадаем узгодненую колькасць кніг замоўцу. Калі падчас разгляду рукапісу было вырашана пакрыць выдаткі на выданне кнігі за кошт выдавецтва, аўтару як правіла належыць некалькі аўтарскіх паасобнікаў па сімвалічным кошце. Больш дакладныя звесткі ўказаныя ў дамове.

Пасля выдання кнігі мы будзем радыя паспрыяць яе распаўсюду — выдадзеныя за наш кошт кнігі мы рэалізуем самастойна, а кнігі, выдадзеныя за кошт замоўцы, з радасцю прымаем на рэалізацыю.

Зычым поспехаў і чакаем на прапановы!