Нарадзіўся 19 снежня 1923 года ў Валожыне. Удзельнік баёў пад Монтэ-Касіна.
Маладаследаваная, а камуністычнымі часамі цалкам забароненая тэма – беларусы на заходніх франтах антыгітлераўскай кааліцыі. Там змагаліся дзясяткі тысяч ураджэнцаў нашай краіны, з якіх шмат хто залічаў сябе да свядомых беларусаў. Найбольш іх было ў 2-м Польскім корпусе генерала Андэрса, які арганізаваўся ў Сярэдняй Азіі з былых грамадзян польскай дзяржавы, рэпрэсаваных камуністычным рэжымам. Сярод іх апынуўся і малады хлопец з Валожына – Мікалай Махнач, якога напярэдадні германа-савецкай вайны прымусам вывезлі, як і шмат каго іншага з Беларусі, на лесараспрацоўкі Карэліі. Адтуль і пачалася яго доўгая і пакручастая дарога да свабоды – праз Прыўралле і Сярэднюю Азію ў Іран, Ірак і Палестыну. Адтуль – на італійскі фронт, дзе ён ваяваў ажно да капітуляцыі Германіі. Пасля Перамогі некаторыя андэрсаўцы вярнуліся да сваіх сем’яў у Беларусь. А адтуль колішніх “братоў па зброі” савецкія карнікі зноў павезлі ў высылкі і канцлагеры Поўначы і Сібіры. Мікалай не паверыў салодкім абяцанкам чырвонапагоннікаў і не вярнуўся, таму ацалеў. Затым была Англія, а ў 1952 годзе наш зямляк перабраўся за акіян, дзе ў далёкай Амэрыцы закончылася ягоная дарога да Свабоды. Менавіта тут ён знайшоў сваю “Зямлю Абяцаную”, адабраную на Бацькаўшчыне камуністычнымі акупантамі. У свае амаль дзевяноста дзядзька Мікалай захаваў фенаменальную памяць. Яго ўспаміны напоўненыя мноствам фактаў, лічбаў, імёнаў, падзей, назіранняў над лёсамі землякоў. У гэтым іх неацэнная каштоўнасць, як узору жывой паўсядзённай гісторыі беларусаў. (Міхась Чарняўскі)