Аляксей Дудараў — аўтар больш як 20 п’ес, якія апавядаюць як пра значных персанажаў гісторыі Беларусі (“Князь Вітаўт”, “Палачанка”, “Чорная панна Нясвіжа” і інш.), так і пра герояў перыяду Вялікай Айчыннай вайны (“Радавыя”, “Не пакідай мяне”, “Ты памятаеш, Алёша” і інш.), і пра звычайных сучаснікаў (“Вечар”, “Парог”, “Кім”, “Люці” і інш.). Паводле сцэнароў Аляксея Дударава экранізавана больш за 10 фільмаў і нарысаў (“Дэбют”, “Суседзі”, “Купальская ноч”, “Белыя росы”, “Восеньскія сны”, “Брэсцкая крэпасць”, “Дняпроўскі рубеж” і інш.). Таксама ён вядомы як аўтар дзіцячых казак і аповесцяў.
У цэнтры творчасці Аляксея Дударава, незалежна ад часу, у якім адбываюцца падзеі твора, заўсёды стаіць рэальны, непафасны Чалавек, з яго ўнутраным светам, барацьбой, памылкамі, але ж між тым і нязменна з унутраным святлом і чысцінёй. Вобразы раскрываюцца аўтарам з праніклівай глыбінёй, цеплынёй і прыняццем.
Творы Дударава перакладзеныя на ангельскую, рускую, славацкую, туркменскую, узбекскую, украінскую, эстонскую, літоўскую, польскую ды іншыя мовы.