Серыя «Бібліятэка Бацькаўшчыны»
Падсерыя «Спадчына: агледзіны»
Леў Акіншэвіч ёсць добрым прыкладам асобы, чыя спадчына адначасова належыць беларусам і ўкраінцам. Народжаны ад бацькі-беларуса, ён значную частку свайго жыцця правёў ва Украіне. Тут пачалася яго навуковая дзейнасць, з украінскай гісторыяй і правам звязана большасць яго публікацый. Не дзіва, што нашыя паўднёвыя суседзі ўспрымаюць Льва Акіншэвіча як свайго.
Аднак у жыцці гэтага навукоўца і яго працы важную ролю адыгрывала беларуская тэматыка, Беларусь. Гэтая частка амаль невядомая беларускім даследчыкам, не ўключаная ў нацыянальны гістарычны дыскурс. Менавіта выпраўленню згаданай несправядлівасці і мае паспрыяць гэты зборнік. Тут прадстаўлена пераважная большасць беларусацэнтрычных тэкстаў Льва Акіншэвіча: працы па гісторыі казацтва, права, цывілізацыйных асновах беларускай гісторыі (сярод іншага, упершыню друкуецца пераклад на беларускую мову англамоўнага артыкула пра гісторыю ўсходнееўрапейскай цывілізацыі ў працы Арнольда Тойнбі). Таксама ў выданне ўключаны шматлікія рэцэнзіі, што друкаваліся ў беларускіх метрапольных і эміграцыйных перыёдыках. Змешчана ў зборніку і звязаная з Беларуссю частка ўспамінаў Льва Акіншэвіча.