Анатацыя
“Як пазбыцца Маматута” — самыя сапраўдныя дзіцячыя вершы для дарослых. Гэта 27 паэтычных маналогаў, напісаных ад імені маленькага хлопчыка. Чытачы могуць прасачыць ягоную гісторыю ад моманту нараджэння да няпростых будняў у дзіцячым садку. Праз стасункі з бацькамі, хатнім улюбёнцам катом Аўдзеем, бабулямі, дзядулямі, мінакамі на вуліцы і толькі народжаным малодшым братам раскрываецца ўнутраны свет маленькага героя.
Аўтарка натхнілася не толькі ўласным вопытам гадавання двух сыноў, але і тым, што яна называе “публічным мацярынствам” — сямейнымі гісторыямі з сацсетак і спрэчкамі з бацькоўскіх форумаў. Герой кнігі нібыта гаворыць ад сябе, але вельмі часта прамаўляе маміны думкі, татавы словы. І разам з тым у яго праразаецца свой голас — голас чалавека, які залежны ад бацькоў, але адначасова прагне свабоды і самастойнасці. Як забіць у сабе “страшнага монстра” на імя Маматут — падказка, якую, магчыма дасць дарослым чытачам гэтая кніга. Маленькія аматары літаратуры могуць шчыра ўзрадавацца вершыку пра какашкі.
Вершаваныя гісторыі дапоўненыя парадаксальнай і дасціпнай графікай мастака Андрэя Пакроўскага.
_ _ _ _ _ _ _ _ _
МАМАТУТ
У мяне жыццё — капут,
я паўсюль навідавоку:
страшны монстр Маматут
не дае ступіць ні кроку.
Калупаю пілкай кут —
мама, ясна, тут як тут,
спрытна забірае пілку.
Добра, разлію паілку,
рыбкам пракладу маршрут!
Толькі чую: “Мама тут!”
Дзедаў ложак — мой батут,
але позна — побач спрут:
“Мама тут, сыночак!” Трасца!
Сёння паскакаць не ўдасца.
Дзе ён — крэс маіх пакут?
Як пазбыцца Маматута,
з мамскіх выпутацца пут?
Мама, ТАМ — таксама крута!
В О Д Г У К І
Маргарыта Аляшкевіч,
пісьменніца, літаратурны крытык, маладая маці:
“Маматут” да мяне нарэшце даехаў – і вельмі парадаваў. Паэтыку пакіну тым, хто не развучыўся складаназлучанаму мысленню, а я скажу сваё мамскае дзякуй: за растабуяванне столькіх тэмаў адным махам, за перастварэнне руціны ў паэзію. Мне здавалася, уся гэта штодзённая таўкатня з малымі нікому не цікавая – выяўляецца, я гатаваць яе не ўмею! Іранічна, грубавата, адкрыта і неяк бясхітрасна, па-дзіцячы – так для мяне прагучала гэта кніга. Віншую аўтарку Maryja Martysievič – і ўсіх чытачоў!
(Крыніца тут)
* * *
Андрэй Захарэвіч, праграміст, малады бацька:
Прачытаў “Як пазбыцца маматута” Марыі Мартысевіч.
Спадабалася. Вельмі. Гэта шыкоўная кніга для дарослых пра маленькіх дзетак і іх бацькоў/дзядоў у стылістыцы кнігі для маленькіх дзетак. Міла, смешна, сур’ёзна, іранічна, саркастычна, часам крыху сонна.
Вельмі раю!
(Крыніца тут)