Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 2, кн. 1 / Укл., прадм., камент. Андрэя Бучы, Аляксандра Горнага. – Мінск: Кнігазбор, 2021. – 272 с.
У кнізе апублікаваныя крыніцы па гісторыі беларускага нацыянальнага руху, якія прадстаўляюць вялікую каштоўнасць для беларускай навукі, — пратаколы пасяджэнняў Народнага Сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі (дзейнічаў у Мінску з лютага па лістапад 1918 года). Гэтыя дакументы захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі і дзякуючы гэтаму выданню ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак.
Кніга працягвае распачатую Сяргеем Шупам у 1998 г. серыю “Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі”. Аснову першага тому серыі склалі дакументы з Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва. У другім томе будуць надрукаваны дакументы па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі.
У апублікаваных дакументах адлюстравана палітычная, культурная дзейнасць урада Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама шматлікія іншыя аспекты гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў 1918 г.
Выданне адрасуецца даследчыкам, выкладчыкам, студэнтам, усім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.