Навіны

Rss стужка
Усе навіны Даты Падзеі

“Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага” Cтаніслава Александровіча па-беларуску

Да перавыдання па-беларуску рыхтуецца апошняя рэдакцыя кнігі Станіслава Александровіча “Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад 15 да сярэдзіны 18 стагоддзя”.

Менавіта ў гэтай манаграфіі Станіслаў Александровіч давёў, што выданне Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага 1603 года існавала і было падрыхтавана ў Нясвіжы (на жаль, яно не захавалася і вядома толькі па амстэрдамскім перавыданні 1613 года). Навукоўцу прыйшлося знайсці неабвержныя доказы, каб пераадолець аўтарытэт іншага слыннага даследчыка картаграфіі Караля Бучака, які з відавочным скепсісам ставіўся да картаграфічнай спадчыны ВКЛ і да існавання друкаванай нясвіжскай карты Вялікага Княства Літоўскага ў прыватнасці.


Праца Станіслава Александровіча сёння ёсць класічнай у гісторыі беларускай картаграфіі, без яе складана ўявіць разуменне прадмета ўвогуле. Больш пра аўтара можа прачытаць тут: Станіслаў Александровіч — штурман картаграфіі ВКЛ.

Выхад кнігі чакаецца ў верасні 2020 года.

У выданні будзе каля 344 с., з іх 68 с. каляровых. Фармат 218х280 мм. Запланавана цвёрдая вокладка.


У кнізе 6 радзелаў:

• Землі Літвы і Беларусі на старажытных і сярэднявечных картах

• Землі Вялікага Княства Літоўскага на картах Бярнарда Вапоўскага і яго паслядоўнікаў

• Радзівілаўская карта Вялікага Княства Літоўскага

• Землі Вялікага Княства Літоўскага на картах 1650–1763 гадоў

• Найстарэйшыя памежныя і маёмасныя карты XVI і XVII стагоддзяў

• Пачаткі вайсковай картаграфіі


У канцы кнігі 56 каляровых рэпрадукцый рэдкіх карт і планаў з архіваў Польшчы, Літвы, Швецыі. Важна адзначыць планы аблогі Полацка і карту Полацкага княства Станіслава Пахаловіча 1580 года, карту багнаў Палесся Даніэля Цвікера 1650 года, ананімны праект адбудовы замка Улы 1568(?) года, план аблогі Ляхавічаў 1660 года, план бітвы пад Клушынам і план Масквы Тамаша Макоўскага.

Мэнэджар праекта Валянціна Андрэева.
Пры ўдзеле Студыі imago.by – Старадаўнія карты і гравюры.