Навіны

Rss стужка
Усе навіны Даты Падзеі

Мікола Равенскі

Мікола Равенскі — беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык.

Нарадзіўся ў 1886 годзе ў вёсцы Капланцы Ігуменскага павета. Пра дзяцінства і юнацтва звестак амаль няма. Можна толькі здагадвацца, што народную музыку шанаваў з маленства, любіў слухаць, збіраў, запісваў і апрацоўваў народныя песні.

Наколькі высока ставіў Равенскі народную песню, відаць з яго неапублікаванай раней і невядомай на Бацькаўшчыне працы “Характэрныя асаблівасці беларускай народнай песні”: “Надзвычайныя здольнасці беларускага народа наогул, а ў прыватнасці да спеваў і музыкі настолькі вялікія ды багатыя, што ўсё сваё жыццё ён праводзіць у абсалютнай неразлучнасці з песняй, якую можна смела ставіць на адно з першых месцаў у сусветнай народна-творчай літаратуры”.
Перад першай сусветнай вайной Равенскі вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбурзе, а пасля заканчэння іх працаваў у Наваградку. Быў настаўнікам спеваў і хормайстрам.

У 1919 годзе пераехаў у Мінск, дзе кіраваў хорамі пры Беларускім рабочым клубе і ў Мінскім гарадскім тэатры.

Хутка здольнага “сялянскага сына” пасылаюць ад рэспублікі ў Маскву. Равенскі закончыў спачатку музычны тэхнікум імя Стасава, а потым Маскоўскую кансерваторыю. Сем гадоў (1923–1930) у Маскве лічыў найбольш спакойнымі ў жыцці, успамінаў іх як ледзь не залатую пару для сваёй творчасці. У гэты час ён адыходзіць ад хормайстарскай дзейнасці і захапляецца кампазіцыяй.

На словы Дубоўкі Равенскім напісаны рамансы і песні, у прыватнасці, на хрэстаматыйны верш “О, Беларусь, мая шыпшына”. Апагею іх супрацоўніцтва дасягае ў пару, калі кампазітар бярэцца за стварэнне оперы “Браніслава” на лібрэта Дубоўкі паводле яго аднаймённай паэмы.

Гэта была светлая опера, якая паўставала ў гуках, калі і не радасных, дык сапраўды крыштальных, празрыстых – як ніколі раней у гэтага кампазітара. Галоўныя арыі Браніславы ствараліся на мелодыях народных песень Магілёўшчыны.

Першая беларуская нацыянальная опера была амаль скончана, калі здарылася непапраўнае. Летам 1930 года Дубоўку арыштавалі як нацдэма і адправілі ў ссылку больш як на чвэрць стагоддзя.

А “Браніславу” таксама арыштавалі. Равенскі вымушаны быў здаць яе ў Народны камісарыят асветы Беларусі, дзе опера, відаць, і загінула. На сённяшні дзень на руках у Вольгі Аляксеенка (Равенскай), дачкі кампазітара, якая жыве ў Мінску, ёсць толькі адна арыя Браніславы. Яе прыслала Вользе ўжо пасля смерці бацькі цётка з Англіі. Ці знойдзецца калі-небудзь у архівах “Браніслава”, наша першая нацыянальная опера?

Чорныя дні перажыў і Мікола Равенскі. Пасля арышту Дубоўкі і брата Антона, які загінуў у Курапатах, ён чакаў сваёй чаргі. Равенскага выключылі з Саюза кампазітараў, многія знаёмыя перасталі з ім вітацца. Яго меліся высяліць з кватэры.

Апынуўшыся ў Германіі, Равенскі перамяніў некалькі лагераў для перамешчаных асобаў, працаваў рабочым на лесапільным заводзе, але не зрокся музыкі. Менавіта ў гэты час быў напісаны кампазітарам найбольш сёння вядомы яго твор — “Магутны Божа”. Як і калі гэта падзея адбывалася, на старонках эмігранцкай газеты “Беларус” успамінала Зора Кіпель. У нямецкім гарадку Остэргофэн знаходзіўся адзін з лагераў. Бацькі Кіпель жылі ў адной кватэры з Равенскім і часта чулі, як ён сачыняе і “пілікае на сваёй неразлучнай скрыпачцы”.
Аднойчы маці Зоры сказала: “Нешта ж надта прыгожае піша сп. Равенскі”. Гэта “нешта прыгожае” вылілася ў нешта магутнае — гімн-малітву “Магутны Божа”.
Равенскі працаваў над музыкай на працягу вясны-лета 1947 года. Словы паэтэса Наталля Арсеннева напісала яшчэ ў 1942 годзе. Калі кампазітар пісаў да верша музыку, у душы яго, думаю я, гучалі мелодыі пакінутай Бацькаўшчыны, якой ён шчыра жадаў спору ў працы, веры ў праўду, урадлівасці яе жытневым нівам, свабоды і шчасця ёй самой і яе народу.

Увосень 1947 года гімн “Магутны Божа” быў выдадзены ў Парыжы. Упершыню прагучаў у Остэргофэне на беларускай каталіцкай службе ў нямецкім касцёле, калі прысутныя беларусы, як каталікі, так і праваслаўныя, у дружным хоры ўзнеслі свае малітвы.

Памёр Мікола Равенскі у 1953 годзе. Пахаваны ў Лёвэне.

bel
be