Навіны

Rss стужка
Усе навіны Анонс Даты Падзеі Рэцэнзіі Цікавінкі

26 красавіка – гадавіна Чарнобыльскай катастрофы

Сёння 34-я гадавіна з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС — найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы 20 стагоддзя. Наступствы  яе Беларусь і суседнія краіны адчуваюць і цяпер.

Шмат твораў прысвечана гэтай тэме, і адзін з іх прапануем вашай увазе. Гэта верш Віктара Галайды з кнігі Віктара Патапенкі “Тут родныя плывуць галасы”, якая цяпер рыхтуецца да друку.


(На Прыпяці, вёска Канатоп Нараўлянскага раёна. Фота Ганны Кавальчук)


Віктар Галайда

Я зноў дадому ластаўкай лячу

Я зноў дадому ластаўкай лячу,
Бо там бяда, якой і свет не ведаў.
Яна мне растрывожыла душу,
Згадаліся бацькі, бабуля з дзедам…
І вось я дома, родны Астравок*
Паўз шлях стаіць зялёнаю палоскай.
Яго відаць з гары яшчэ здалёк.
Што ж сталася з маёй маленькай вёскай?
Я бачыў, як канае чалавек,
Я бачыў, як жывёла памірае,
А вось такое за жыццёвы век
Не бачыў я ніколі і не знаю.
І боль цяжкі усё нутро дзярэ,
І думак рой у нітачку прадзецца,
Жалобны плач расчыненых дзвярэй,
Нібы нажом, распалавініў сэрца.
І хоць нікога ў гэтым не віню –
Я чуў сівой даўніны адгалоскі.
Такое бачыў я упершыню –
Перада мною памірала вёска.
Тугі камяк у горле – папярок,
А побач дзед суцішаны, пануры…
Бацькоўскі кут, мой родны Астравок,
Прыехаў я ўжо на твае хаўтуры.
Я нізка пакланіўся і прыціх,
А ў небе, над маёю галавою, –
Дзе чуў праклёны мёртвых і жывых, –
Плыла бяда над чорнаю зямлёю…

_____________
* Былая вёска ў Касцюковіцкім раёне.

(З кнігі Віктара Патапенкі “Тут родныя плывуць галасы”, якая рыхтуецца да друку)

bel
be