Выдавецкая дзейнасць
Выдавецкая марка «Тэхналогіі» створана на аснове старадаўняй гравюры «Крылаты цмок» (з трактата беларускага навукоўца XVII стагоддзя Казіміра Семяновіча, вядомага сваімі вынаходкамі ў галіне ракетнай тэхнікі, артылерыі, піратэхнікі, адна з якіх — канструкцыя шматступеневай ракеты).
Выкарыстанне гэтай гравюры «Тэхналогіяй» сімвалізуе пераемнасць традыцый беларускага навуковага кнігавыдання.

Мы выдалі шэраг кніг пра Беларусь на ангельскай, нямецкай і французскай мовах. Таксама паслядоўна ажыццяўляецца праграма выдання перакладаў навуковай і навучальнай літаратуры па эканоміцы, філасофіі, сацыялогіі, гісторыі, антрапалогіі з замежных моваў. «Тэхналогія» плённа супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, Вышэйшай школай кіравання і бізнесу, з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследванняў, Вышэйшай школай эканомікі і бізнесу (г. Дортмунд, ФРГ), Інстытутам Георга Экерта (ФРГ). Вынікам гэтага супрацоўніцтва стаў цэлы шэраг навуковых манаграфій, навучальных, даведкавых і навукова-папулярных выданняў, у тым ліку серыі «Мэнэджмент», «Эканамічная адукацыя», «Сучасная эканамічная адукацыя», «Нашы славутыя землякі»; усё гэта вывела «Тэхналогію» на адно з першых месцаў сярод прыватных выдавецкіх кампаніяў у Беларусі.

Сярод нашых партнёраў — Міністэрствы эканомікі, адукацыі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прадстаўніцтвы ААН, ТАСІС, Інстытут імя Гётэ, амбасады ФРГ, Польшчы, ЗША і дзесяткі іншых структураў.

Мы адкрытыя для супрацоўніцтва і гатовыя разгледзець любыя ўзаемавыгадныя праекты.