Зварот да азярыкоў

Дарагія азярыкі!

Гэтак мы звяртаемся да сваіх землякоў – тых, хто нарадзіўся ў вёсцы Азярычына (а таксама ў Таварскіх, Рэчках, Астраўках, Махоўцы, Вялікай Луцэ, Кухараўцы, Будзёнаўцы і Вераб’ёўцы) Пухавіцкага раёна, або тых, чые бацькі і дзяды паходзяць адтуль. Мы, Зьміцер і Юрась Санько, выпускнікі Азярычынскай школы 1966 года, рыхтуем кнігу пра нашу родную вёску. Яна будзе змяшчаць разнастайны матэрыял: вынікі археалагічных даследаванняў; гістарычны нарыс; песні, якія спявалі нашыя продкі; мікратапаніміку вёскі і наваколля; традыцыйныя імёны; слоўнік азярыцкай гаворкі; спіс ахвяраў рэпрэсій 30–40-х гадоў, а таксама звесткі, якія дапамогуць скласці свой радавод кожнаму з вас, хто гэтым цікавіцца.


Хочам, каб кніга была не толькі змястоўнай, але і цікавай. Але нам не стае ілюстрацыйнага матэрыялу. Таму просім вас дапамагчы ў гэтай справе: перагледзець сямейныя фотаархівы і выбраць старыя фатаздымкі. Нас цікавяць у асноўным даваенныя і дарэвалюцыйныя. Гэта могуць быць не толькі звычайныя сямейныя здымкі, але і фатаграфіі тых, хто служыў у царскай арміі, быў на прымусовай працы ў Германіі або з’ехаў у Амерыку. Можа, у каго захаваліся старыя здымкі даўнейшых хат, іх інтэр’ераў, гаспадарчых пабудоў, млына, які стаяў на Пцічы, старога моста, гатара, будаўніцтва ГЭСа (гідраэлектрастанцыі), працы ў полі на жніве, на сенакосе, святкавання Вялікадня, Калядаў і г. д.

Фатаграфіі абавязкова павінны быць падпісаныя. Калі здымак групавы, трэба пералічыць асобаў (злева направа): прозвішча, імя і імя па-бацьку, а таксама, калі ведаеце, – як звалі чалавека па-вулічнаму, па-вясковаму (напрыклад, Ярмолавы, Крыськавы, Мамекавы, Бабенькавы). Канечне трэба пазначыць і год. Калі год невядомы, то хаця б прыблізны час.

Здымкі трэба прысылаць у сканаваным выглядзе з раздзяленнем 600 dpi на электронны адрас: Этот e-mail защищен от спам-ботов. Для его просмотра в вашем браузере должна быть включена поддержка Java-script . Калі вы не маеце магчымасці сканаваць, можаце перадаць самі фатаграфіі. У такім разе тэлефануйце Зьмітру Санько: 8044–752-86-85 vel.; 8029–185-05-28 vel.; 243-19-40 гарад. (у Мінску) або Людміле Бялевіч: 8029–345-93-60 vel. (у Азярычыне). Калі вы жывяце ў іншым горадзе, здымкі можна паслаць таксама па пошце заказным лістом на адрас: 220007, г. Мінск, вул. Ляўкова, д. 19, п. 2Н (“Тэхналогія”). Усе арыгіналы здымкаў абавязуемся вярнуць.Яшчэ адна просьба. Мы шукаем партрэт Ганны Хведараўны Ляпёшкі (Ганны Шайбаковай), 1916 г. н. (яна памерла ўжо, але мы, на жаль, нават не ведаем, калі і дзе яна пахавана). У 1997 годзе мы запісвалі ад яе і ейнай сястры, Марыі Хведараўны Ладуцькі (Манькі Крыськавай), азярыцкія песні. Яе дом стаяў недалёка ад новай школы. Можа, хто-небудзь з сваякоў, сяброў ці былых калегаў мае здымак, дзе яна сфатаграфавана асобна або ў кампаніі? Будзем вельмі ўдзячныя за дапамогу.

1 кастрычніка 2018 г.

Спампаваць зварот у выглядзе пдф-дакумента.

Вуніяцкая капліца на старых азярыцкіх могілках, пабудаваная ў 1813 годзе. Здымак 1910 г.